Дзяржаўная ўстанова «Капыльскі раённы краязнаўчы музей»

Музей створаны ў 1978 г., у лютым 1979 г. адкрыта першая экспазіцыя. Будынак музея - помнік архітэктуры кан. XIX ст. — былая гарбарня. Новая экспазіцыя прыняла першых наведвальнікаў 14 мая 2000 г. пасля рэканструкцыі будынка і разлічана на правядзенне адукацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Асноўныя раздзелы экспазіцыі: «Археалагічная гісторыя Капыльшчыны», «Мястэчка Капыль», «Пачатковая школа кан. XIX ст.», «Этнаграфія і побыт XIX ст.», «Мемарыяльны кабінет Г. М. Галубовіча», «Трагедыі і подзвіг», «Стагоддзе XX», «Герой Беларусі, генеральны канструктар аўтамабілебудавання М. С. Высоцкі». Агульная колькасць адзінак захоўвання — 24854. Найбольш цікавымі з'яўляюцца наступныя калекцыі: «Абразы», «Народнае ткацтва», «Археалогія», «Жывапіс», «Шкло і фарфор». Да ліку ўнікальных экспанатаў адносяцца фігурка сабачкі з гліны I — IV стст. н. э., пчаліныя соты і хірургічны нож XIII ст., арбалетны болт XVI ст. — адзіныя знаходкі на тэрыторыі Беларусі, накладка на рамень кан. IX — пач. X стст., медальён Св. Лаёлы сяр. XVII ст. Паралельна з экскурсіямі ў музеі працуюць культурна-адукацыйныя праграмы: «Ліст з 1944 ...», «Пачатковая школа», «Падарожжа ў мінулае», «Рэчы з бабулінага гарышча». Адкрыты 2 філіялы музея: у в. Вялешына-1 — Музей этнаграфіі і побыту кан. XIX — пач. XX стст.; у аграгарадку Семежава — Дом-музей Героя Беларусі акадэміка М. С. Высоцкага.